«Мой анёл прысніў мяне…»

Home  >>  Паэзія  >>  «Мой анёл прысніў мяне…»

«Мой анёл прысніў мяне…»

5
Апр,2013

off

Сустрэча з пісьменніцай, спявачкай, бардам Ганнай Чумаковай была прымеркавана да выхаду ў свет другой кнігі паэткі пад назвай «Мой анёл прысніў мяне». Зборнік вершаў выдадзены ў серыі кніг «Мінскія маладыя галасы» і быў прысвечаны маці і бацьку юнай пісьменніцы.

— Ганна, раскажыце, калі ласка, крыху пра вашу творчасць.

— Мая першая кніга была выдадзена ў 2002 годзе. Гэта была такая «школьная» паэзія, можа, крыху дзіцячая, наіўная. Але там ёсць і вершы, якія і па сённяшні дзень з’яўляюцца для мяне крэдам у жыцці. Пішу і на рускай мове, і на беларускай. Аднолькава магу быць вясёлай і сумнай.

 Заўсёды вельмі складана гаварыць пра тэматыку маіх вершаў. Гэта прыходзіць нечакана, з самой глыбіні душы. Алег Газманаў казаў: “Мне весела — і я спяваю”. У мяне якраз наадварот. Калі мне сумна, я пішу самыя лепшыя вершы. Гэта нейкі эмацыйны пасыл, жаданне, каб мяне пачулі. Увогуле музыка і паэзія — гэта два крылы адной птушкі. Але паэзія, лічу, больш моцная. Бо ў песнях я не заўсёды магу перадаць увесь слоўны і моўны кантэкст, усе пачуцці. Але я хачу, каб мая паэзія і мае песні дарылі радасць і ўсмешкі людзям.

— Вы вельмі хораша спяваеце! У вас ёсць музычная адукацыя?

— Я самавучка. У дзяцінстве была такая цікавая гісторыя. Мая маці прывяла мяне ў музычную школу. І настаўніца папрасіла мяне папляскаць у далоні. Я зрабіла гэта… Аказалася, што трэба было неяк спецыфічна папляскаць! І ў выніку яна сказала, што ў мяне няма ні слыху, ні голасу. У наступным годзе я ўжо не пайшла спрабаваць зноў. Але ўсё ж так атрымалася, што цяга да музыкі перамагла. У 10 класе я ўзяла інструмент у рукі. Спачатку нічога не атрымлівалася (я ж яшчэ і ляўша), але потым настаўнік настроіў мне струны, і ўсё выйшла, як трэба.

— Раскажыце больш падрабязна пра сваю новую кнігу.

— Зборнік называецца “Мой анёл прысніў мяне”. Калі аўтар выпускае кнігу, ён выбірае ёй назву, як выбіраюць бацькі імя свайму дзіцяці. Гэта вельмі складаны працэс, таму што чалавек з імем, як кніга з назвай, ідзе праз усё сваё жыццё. Выдаць кнігу сёння даволі складана. Гэта нікім не фінансуецца, выдаецца за свой кошт і распаўсюджваецца сваімі сіламі. Я пісьменнік-пачатковец, для мяне галоўнае, каб мае вершы дайшлі да чытача, каб мае словы адгукнуліся ў сэрцах іншых людзей. Вядома, у маім зборніку ёсць і аўтабіяграфічныя вершы: пра маці, бацьку, бабулю.

— Якім чынам вы адбіралі вершы?

— Тут сабраны вершы розных гадоў, якія найбольш падабаюцца мне, якія я лічу найбольш сталымі, якія могуць штосьці расказаць пра мяне. Таксама тут прысутнічае прынцып калейдаскопу, нават на вокладцы вы можаце пабачыць малюнак з яго. Бо паэзія — гэта не тое, што я кажу вам, а тое, што вы ў ёй бачыце. Можна глядзець у калейдаскоп на адзін і той жа ўзор, але бачыць розныя рэчы. Так і з маімі вершамі.

Я лічу, што паэзія і ўвогуле творчасць — гэта не проста тое, што стварае чалавек, гэта часцінка чагосьці нябеснага, незямнога, якая праходзіць праз чалавека. Кожны аўтар потым прапускае гэта ўсё праз сябе — і атрымліваецца тое, што мы і называем паэзіяй.

Алеся МЕШКУЦЬ, вучаніца СШ № 215 г. Мінска. Фота аўтара.

Звязда